![]()
Сямнаццаць адзінак тэхнікі, больш за 20 вадзіцеляў, дарожных рабочых і спецыялістаў і каля трох кіламетраў адрамантаванай дарогі рэспубліканскага значэння. Лінейная дарожная дыстанцыя № 733 Асіповіцкага ДЭУ № 73 пачала бягучы рамонт асфальтабетоннага пакрыцця аўтамабільнай дарогі Бабруйск — Глуск — Любань — Гулевічы.
«Рамантаваць будзем чатыры асобныя ўчасткі гэтай аўтадарогі, — расказвае начальнік ЛДД № 733 Віталь Караткевіч. — Адзін на тэрыторыі Глуска, ён самы працяглы, больш за 1300 метраў, пачынаецца перад мостам і праходзіць па вуліцы Гагарына, да сфятлафора. Таксама адрамантуем каля 500 метраў дарогі ў раёне Падкаленды, 700 метраў каля Брадоў і 300 метраў — каля павароту на Веснава. У гэтых работах задзейнічана тэхніка нашага ДЭУ-73: МАЗы 20-тоннікі (два з нашай ЛДД і шэсць з Асіповічаў) і каток, з Магілёва прыбыў комплекс дарожнай спецтэхнікі: асфальтаўкладчык, гудранатар, цяжкі каток і трал для перамяшчэння гэтай тэхнікі.
Начальнік ЛДД № 733 Віталь Караткевіч
Таксама працуюць два МАЗы з Бабруйска, палівамыечная машына з мясцовага «Жылкамгаса», яна патрэбна для запраўкі спецтэхнікі вадой, ну і наша «Газель» — у якасці машыны прыкрыцця, для бяспекі працуючых на дарозе людзей і тэхнікі. Як і павінна быць пры правядзенні такіх работ, мы выкарыстоўваем камплект часовых дарожных знакаў, дарожныя конусы. Працаваць патрэбна хутка, зладжана і ўвесь вызначаны аб’ём работ выканаць за дзесяць дзён».
Механік ЛДД № 733 Анатоль Сінькевіч
Па словах Віталя Караткевіча, бягучы рамонт прадугледжвае не замену, а выпраўленне дэфектаў існуючага дарожнага пакрыцця шляхам укладкі на яго асфальтабетоннай сумесі слоем 4—6 сантыметраў. На такі рамонт 2950 метраў аўтамабільнай дарогі Бабруйск — Глуск — Любань — Гулевічы спатрэбіцца больш за 2 тысячы тон асфальтабетону (яго прывозяць з завода, што ў Цітаўцы), будзе асвоена 640 з паловай тысяч рублёў бюджэтных сродкаў.
Фотаздымкi ўзяты з сайта Глуск.бай.